Пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы

Словы роднай мовы

Размаўляем на беларускай мове разам!

 Кожную пятніцу заклікаем выхавацелей, дзетак і бацькоў размаўляць па-беларуску!

Скарбы мовы, скарбы пазнання, скарбы навакольнага свету расчыняюцца тым, хто шчыра любіць і глыбока вывучае родную мову, літаратуру, культуру.

Паважаныя бацькі! Дапамажыце нам далучыць дзяцей да роднай, беларускай мовы! Давайце разам падумаем, як захапіць дзіця, каб яму захацелася вывучыць родную мову.

Хтось, магчыма, не вывучаў мову ў школе ці не карыстаецца ёю ў жыцці, пакуль ведае абмежаваную колькасць слоў, але ж хоча узбагаціць слоўнікавы запас і зацікавіць астатніх. Дзесьці ж трэба пачынаць!
Напрыклад, пачніце з прывітання ці развітання па-беларуску. Да ўніверсальных вітанняў належаць: вітаю, прывітанне, добрага здароў′я. Прывітальныя выразы ў дачыненні да часу: добрай (-ае) раніцы,   дабранак, добры дзень (дзянёк), добры вечар (вечарок), добрай ночы (ночкі). Формы развітання: да пабачэння, да сустрэчы, да скорага, шчасліва заставацца, заставайцеся здаровыя, бывайце здаровыя, шчаслівай дарогі або лёгкай дарогі.
 
Ветлівасць
Ветлівымі словамі дарослыя і дзеці карыстаюцца амаль штодня. Давайце праверым свае веды і пакажам прыклад ветлівых паводзін дзецям:

Дзякуем

Сардэчна дзякую! Я ўдзячны (удзячна) Вам! Дзякуй за дапамогу! Дзякуй за ўсё!

Просім прабачэння

Прабачце, калі ласка! Я прашу прабачэння! Вельмі шкадую, што нарабіў Вам клопату. Не сярдуйце, так атрымалася. Даруйце, мне вельмі непрыемна.

Радуемся

Вельмі добра! Цудоўна! Выдатна! Вось здорава! Якое шчасце! Вось гэта навіна! Мне вельмі прыемна! Я задаволены (задаволена)! Вы мяне ўзрадавалі! Мне гэта даспадобы! Гэта самая шчаслівая хвіліна ў маім жыцці! Я вельмі рады (рада)!

Жадаем

Жадаю шчасця! Каб Вы здаровы былі і радаваліся! Хай Вас Бог беражэ! Хай Вам шчасціць! Хай будуць здаровы Вашы родныя! Расці дужы (дужая) ды вялікі (вялікая)! Хай здзейсняцца ўсе спадзяванні! Бывайце здаровы, жывіце багата! Добрай дарогі! Хай усё будзе добра! Хай Вам лёс не здрадзіць!

Імёны

Для бацькоў імя сына ці дачкі — самае пяшчотнае і мілагучнае. Кожнае дзіця любіць, каб да яго звярталіся неяк асабліва. Камусьці падабаюцца памяншальныя ласкавыя формы імя, камусьці — толькі поўныя. Дзецям будзе цікава на некалькі хвілін акунуцца ў мінулае нашай краіны і даведацца, якія імёны існавалі раней.

 

свернуть

Родная мова для самых маленькіх

У адпаведнасці з артыкулам 82 Кодэкса аб адукацыі  Рэспублікі Беларусь мову навучання і выхавання ва ўстанове адукацыі вызначае яго заснавальнік, а права грамадзян на выбар мовы навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь забяспечваецца развіццём сеткі ўстаноў дашкольнай адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання, гэта  дазваляе забяспечваць станаўленне цэласнай асобы выхаванца, яго развіццё шляхам інтэграцыі ў дзве роднасныя культуры сродкамі беларускай і рускай моў.

Ва ўстанове дашкольнай адукацыі ствараюцца неабходныя ўмовы для арганізацыі адукацыйнага працэсу кожнага дзіцяці на беларускай мове:

- паступовае ўвядзенне беларускай мовы ў розныя віды дзейнасці, пачынаючы з ранняга ўзросту;

- пачынаючы з сярэдняй групы (4 гады) у адукацыйны працэс уключаюцца заняткі па развіцці маўлення і культуры маўленчых зносін;

- праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя творчасці беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, Дню беларускага пісьменства, беларускай культуры і інш.;

- у адукацыйны працэс уключаюцца народныя беларускія гульні, танцы, песні, казкі, праводзяцца фальклорныя святы і забавы;

- ствараецца адпаведнае прадметна-прасторавае асяроддзе: куткі і пакоі беларускай культуры, адбываецца ўключэнне прадметаў нацыянальнай культуры і побыту ў гульнявыя куткі, кніжныя выставы твораў айчыннай літаратуры і інш.;

- павышаецца прафесійны ўзровень педагагічных работнікаў па пытаннях лінгвістычнага і маўленчага развіцця выхаванцаў ва ўмовах блізкароднаснага двухмоўя;

- створана навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу ўстаноў дашкольнай адукацыі, якое выдаецца як на рускай, так і на беларускай мовах;

- з мэтай ўдасканалення ў выхаванцаў навыкаў беларускага маўлення і маўленчых зносін, ажыццяўлення нацыянальна-культурнай сацыялізацыі дзіцяці, фарміравання яго нацыянальнай самасвядомасціва ўстановах дашкольнай адукацыі праводзяцца Дні беларускай мовы.

свернуть

Роля беларускай мастацкай літаратуры ў развіцці дзяцей дашкольнага ўзросту

Дарослы ведае, што кніга не толькі вучыць, развівае і выхоўвае дзіця, яна абуджае ў маленькім чалавеку самыя разнастайныя творчыя пачаткі, яна дапамагае дзіцячай фантазіі здабыць багатую вобразнасць і ўнутраны сэнс.

Дзіця не можа не гуляць, не выдумляць, не складаць. Гэта непазбежна, гэта яго спосаб пранікнення ў рэальную рэчаіснасць. Але што менавіта ён выдумляе? Як складае і чаму складае менавіта гэта? Якія маральныя і эстэтычныя прычыны праяўляюцца ў дзіцячай гульні, якая патроху, часцяком незаўважна для самога дзіцяці, становіцца яго сапраўдным жыццём? Свет чытання, свет кнігі з яе літаратурнымі і графічнымі выявамі, дапамагае даросламу насыціцца і накіраваць дзіцячае ўяўленне. Кніга падае дзіцяці прыклад творчасці, прыклад творчага стаўлення да рэальнага часу. Менавіта тут, на кніжнай старонцы, малыя сустракаюць ўпершыню гарманічнае адлюстраванне рэчаіснасці. Кніжка распавядае самае галоўнае, паказвае самае прыгожае.

Ёсць у дзіцячай літаратуры розныя кнігі: вясёлыя і сумныя, але яны заўсёды жыццесцвярджальныя. Таму дзеці не могуць не любіць кнігу, таму радуюцца кнізе, як святу. А дарослыя павінны падрыхтаваць гэтую радасць, дапамагчы дзіцяці зразумець, адчуць кнігу ва ўсёй яе паўнаце.

Да нейкага ўзросту дзеці жывуць у казцы, як раўнапраўныя члены казачнага свету. І гэта натуральна, таму што казка блізкая і сугучная іх светаадчуванню. У самым пачатку жыцця яна сустракае дзяцей фантастычнымі вобразамі, займальнымі прыгодамі, маляўнічасцю і яркасцю свайго свету. Уся гэтая свежасць, чысціня, напеўнасць, гарманічная цэласць казкі служаць для маленькіх першым штуршком да развіцця фантазіі, мыслення, творчасці. Прастата і прыгажосць казачных герояў і іх учынкаў неабходныя дзіцячай свядомасці як першае адлюстраванне свету, сапраўдных чалавечых адносін у чыстым люстэрку сапраўднага мастацтва.

У кожнай казцы пракладзеная мяжа паміж Дабром і Злом. Яны непрымірымыя ворагі, яны знаходзяцца ў адвечнай барацьбе. І ў гэтым проціборстве заўсёды перамагае Дабро, заўсёды перамагае справядлівасць. Гэтая ідэя перамогі Дабра над Злом заўсёды пераканаўчая, таму што выношвалася і нараджалася разам з узнікненнем свядомасці людзей і ўдасканальвалася разам з яго развіццём, таму што працятая верай і надзеяй ўсяго чалавецтва ва ўрачыстасць добрых спраў. А вера гэтая падмацавана часам. Менавіта таму такая моцная казка і менавіта таму дзеці так вераць у яе. У амаль любой народнай казцы ўсё падпарадкоўваецца толькі дасканалым законам чалавечага быцця, тым ідэалам, якія прайшлі праверку многіх пакаленняў людзей, выкрышталізаваліся, сталі агульначалавечымі. І дзецям лёгка прыняць гэтыя ідэалы, лёгка пагадзіцца заканамернасцю.

Вельмі важна для дзяцей, што ў казцы герой, які ўвасабляе дабро, заўсёды станоўчы. Гэта ці непераможны волат, які абараняе свой народ, ці проста чалавек, які перамагае зло розумам, мудрасцю і знаходлівасцю. У любым выпадку станоўчага героя адрозніваюць розум, прыгажосць, умелыя рукі, альбо добрае чараўніцтва, а адмоўнага зло, пачварнасць і падступнасць. Таму дзеці любяць казачных герояў, вераць ім і пераносяць гэтую веру і любоў са свету казачнага ў свет рэальны.

Дзякуючы казцы, дзеці пачынаюць ўсведамляць найгалоўнейшыя ісціны чалавечага жыцця. Казка дапамагае фармаваць асновы маральнасці, маралі, па законах якой ім трэба будзе жыць. Тая самая простая, найпростая казка, якую мы, стаўшы дарослымі, пачынаем лічыць дзіцячай забавай.

Чытайце з дзецьмі як мага больш, а галоўнае пагаварыце, пра што прачыталі!

 

МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА І ТВОРЫ ФАЛЬКЛОРУ

Беларускія народныя песенкі і пацешкі, творы беларускіх пісьменнікаў

У. Юрэвіч. "Бярозчыны валёнкі"; А. Кобец-Філімонава. "Сем мастакоў"; Я. Брыль. "Жыў-Быў вожык".

Беларускія народныя казкі

“Курачка-Рабка”, “Былінка і верабей”, “Зайкава хатка”, “Каза-манюка”, “Пчала і муха”, “Муха-пяюха”, “Коцік, пеўнік і лісіца”.

Творы беларускіх паэтаў

Т. Кляшторная “Ветлівыя словы”, “Шпак”, “Дожджык”, “Паўцякалі цацкі”, “Не сквапная”; В. Рабкевіч “Едзе восень”; С. Сокалаў-Воюш “Блакіт нябёс”, “Алоўкі”, “Елка”; А. Дзеружынскі “Пралеска”; А. Прохараў. “За адвагу”; Я. Колас ”Сонца грэе, прыпякае”, “Храбры певень”; Я. Купала “Лістапад”; Я. Журба “Першыя сняжынкі”, “Дзед Мароз”; З. Бядуля “Мае забавы”; М. Хведаровіч “Свеціць, як сонца, ад самай калыскі”; Л. Пранчак “Завіруха”; Э. Агняцвет “Маме”; А. Бадак “Мышка”, “Беларусачка”; С. Грахоўскі “Сонечная сцежка”; А. Грачанікаў “Сон”; Л. Рашкоўскі “Я хачу салдатам стаць”; К. Цвірка “Коцікі”; В. Лукша “Вясёлка”.

 

свернуть

Кансультацыя для бацькоў "Фальклор і развіццё маўлення"

Маўленне - унікальны і ўніверсальны сродак многіх відаў дзейнасці. У дашкольніка гэта гульня, маляванне, лепка, канструяванне, вырашэнне практычных задач, успрыманне мастацкай літаратуры і інш. Немагчыма развіваць маўленне дзіцяці "ўвогуле", безадносна да той ролі, якую яно выконвае ў яго жыцці, не ўключаючы маўленне ў тую ці іншую дзейнасць. Развіццё розных формаў дзейнасці вядзе да развіцця іх галоўнага сродку - маўлення. 

У дзяцей мы выхоўваем пачуццё беларускай мовы, ствараючы дзеля гэтага адпаведныя маўленчыя ўмовы, у якіх дзіця пад кіраўніцтвам выхавальніка далучаецца да паэзіі і адначасова вучыцца вырашаць пры дапамозе роднай мовы розныя маўленчыя задачы: камунікатыўныя, пазнавальныя і інш. 

Галоўным пабуджальным матывам праяўлення маўленчай актыўнасці з'яўляецца сумесная дзейнасць з дарослым. Важнае значэнне мае актыўна -дзейснае ўспрыманне дзецьмі нагляднасці (цацак, малюнкаў). Наглядныя дзеянні выклікаюць у дзяцей жаданне абазначыць іх словамі і гаварыць пра іх. Адмысловая ўвага надаецца зместу беларускага маўлення, у выхаваўчых і дыдактычных мэтах выкарыстоўваем паэтычныя словы. 

Калыханкі, забаўлянкі, прымаўкі, песні, казкі – вось тыя дасканалыя мастацкія формы фальклору, з дапамогай якіх мы знаёмім дзяцей з багаццем і разнастайнасцю навакольнага свету. 

Перш за ўсё, мы праслухоўваем і абыгрываем з дзецьмі беларускія народныя калыханкі, песенькі, забаўлянкі, кароткія вершыкі, да якіх далучаюцца адпаведныя зместу дзеянні і рухі, паўтарэнні гукаперайманняў, асноўных слоў, выразаў. Вялікае значэнне пры гэтым маюць тыя забаўлянкі, якія суправаджаюцца разнастайнымі рухамі пальчыкаў рук, напрыклад "Сарока-варона кашу варыла". Важнасць іх палягае ў амаль паралельным развіцці дыферанцаваных рухаў пальцаў рук і маўлення, што стымулюе і актывізуе маўленне маленькага дзіцяці. Вабяць малых такія дзеянні як закалыхванне лялек, плясканне ў далоні, прытупванне, падскокі. Расказванне невялікіх па аб'ёму казак суправаджаем інсцэніроўкамі, што робіць больш лёгкім для дзяцей іх успрыманне і разуменне, заахвочвае да паўтарэння слоў, выразаў, песенек. 

Напрыклад, у час разыгрывання народнай забаўлянкі "Кую, кую ножку" з дзецьмі двух - трох год малыя імітуюць падбіванне лялечнага чаравічка малаточкам. Маўленчая сітуацыя дазваляе дзіцяці зразумець зварот выхавальніка. 

Дзецям вельмі падабаецца, калі ў вершыку называецца канкрэтнае імя. Напрыклад, калі мы прыносім цацачнага коціка, паказваем яго дзецям, дапамагаем ім успомніць, як коцік вуркоча "мур-мур", а затым чытае калыханку: 

Ой на коціка вуркота,

А на дзіцятка дрымота,

Будзе коцік вуркатаць,

А дзіцятка будзе спаць.

Потым гаворым, што раскажа пра коціка і Аленка. Чытаем калыханку, замяняючы слова "дзіцятка" на імя выхаванца. Аленка паказвае, як яна будзе спаць. Так мы прыцягваем дзяцей да прагаворвання асобных слоў і радкоў верша. Такія заняткі пакідаюць след у душы і памяці дзіцяці. 

Маленькія дзеці ўдзельнічаюць у простых карагодных гульнях кшталту "Знаёмства" (напрыклад, "Адгадай, чый галасок?", "Хто схаваўся?" і інш.) гэтыя гульні садзейнічаюць наладжванню дзіцячых узаемаадносін, выклікаюць у дзяцей жаданне ўступіць у зносіны, значыць і размаўляць адно з адным. Дзецям падабаюцца такія гульні, а гэта добрая падстава для выхавання цікавасці да беларускай мовы, першапачатковага развіцця беларускага маўлення. Захапіўшыся гульнёй, дзеці не заўсёды заўважаюць, што яна вядзецца на беларускай мове, і міжволі засвойваюць асобныя словы, выразы, песенькі. 

Выкарыстоўваюцца малыя формы фальклору і ў сумеснай дзейнасці. Напрыклад, сумеснае маляванне па пацешцы "Сонейка-сонца": дзецям прапаноўваецца аркуш паперы з намаляваным сонцам, і ім трэба дамаляваць гарошкі. Маляванне суправаджаецца прыгаворваннем радкоў пацешкі, і ў дзяцей праяўляецца цікавасць да самога працэсу малявання, да тых выразаў, якія апісваюцца ў забаўлянцы, і яны адлюстроўваюць іх у малюнку. 

Для паступовага ўвядзення беларускай мовы ў розныя віды дзейнасці дашкалят мы выкарыстоўваем лялек - беларусаў: дзяўчынку Паўлінку і хлопчыка Янку. Яны паасобку альбо разам прыходзяць да дзяцей, цікавяцца іх заняткамі, гульнямі, размаўляючы толькі па-беларуску: задаюць пытанні, называюць асобныя прадметы, што знаходзяцца ў дзяцей, выконваюць розныя дзеянні з імі, расказваюць нескладаныя гісторыі. Такім шляхам наладжваюцца сітуацыйна - дзелавыя зносіны на беларускай мове. 

Такім чынам, у першыя тры гады жыцця дзяцей трэба выкарыстоўваць тыя формы работы, якія спрыяюць развіццю пачуцця беларускага маўлення шляхам азнаямлення іх з лепшымі ўзорамі жывога беларускага слова, а таксама фарміраванню першапачатковых навыкаў маўлення на роднай мове. 

свернуть
поделиться в: